О предприятии  

   
   
   

Напэўна, адной з галоўных падзей лета смела можна назваць раённы турзлёт: два дні спаборніцтваў па хуткасці, спрыце, бадзёрасці духу і ў той жа час па яднанні, сяброўстве і рамантыцы. Удзел у ім прынялі 9 каманд з арганізацый, прадпрыемстваў, устаноў, а таксама грамадскіх аб’яднанняў Ашмяншчыны. Такім чынам, у творча аформленых лагерах пасялілася рэкордная за некалькі апошніх год колькасць аматараў здаровага ладу жыцця і актыўнага адпачынку з сярэдніх школ № 1, 2, 3 і зборнай вясковых школ з Кальчун, Цудзенішак, Навасёлак і Граўжышак, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, сырзавода, ААТ «Будаўнік», цэнтральнай раённай бальніцы і ветстанцыі.

 

Сёлетні турзлёт быў прысвечаны 20-годдзю Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, і наш раённы камітэт стаў адным з яго галоўных арганізатараў. Зразумела, не абыйшлося без аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ашмянскага райвыканкама, Ашмянскага раённага аб’яднання арганізацый прафсаюзаў, раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, раённага аб’яднання грамадскай арганізацыі «Белая Русь» і раённай арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі.

Першы спартыўны дзень пачаўся з турыстычнай паласы: спартсменам трэба было сабраць палатку, перайсці па нацягнутых канатах праз раку, пераскочыць “яму”, праскакаць па “купінах”, пралезці ў “пастцы”, прабегчы па бервяну, наладзіць пераправу з дапамогай жэрдак, у пары праскакаць на адной назе, скласці палатку і, нарэшце, распаліць вогнішча. Хутчэй і з мінімумам памылак з усімі пастаўленымі задачамі справілася каманда раённай бальніцы. Другімі сталі будаўнікі, трэцяй – зборная вясковых школ

 

 

На валейбольнай пляцоўцы змагаліся каманды ў складзе чатырох мужчын і двух жанчын, дэманструючы цікавую гульню. Праз некалькі гадзін напружанай барацьбы, калі хваляванні балельшчыкаў ужо дасягнулі свайго піку, стала зразумела, што чэмпіёнамі стала каманда ЦРБ, на другім месцы – ветстанцыя, ААТ “Будаўнік” – на трэцім.

Адным з цэнтральных мерапрыемстваў першага дня турзлёту стаў адкрыты дыялог моладзі з прадстаўнікамі ўлады раёна: намеснікам старшыні Ашмянскага райвыканкама Наталляй Станкевіч, начальнікам упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Ашмянскага райвыканкама Ірынай Губаравай, начальнікам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ашмянскага райвыканкама Вольгай Шыдлоўскай і намеснікам начальніка па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні Ашмянскага РАУС Іванам Куняўскім. Дыялог, вядучай якога была першы сакратар РК ГА “БРСМ” Вікторыя Працкайла-Місюта, праходзіў у фармаце “сустрэчы без гальштукаў”. Адкрываючы сустрэчу, Наталля Станкевіч падкрэсліла: адкрыты дыялог падразумявае свабодныя зносіны, дзе няма забароненых тэм або «нязручных» пытанняў, і ў выніку гутарка атрымалася сапраўды адкрытай – менавіта ў такім фармаце, як задумвалі арганізатары. Тэмы будучыні нашай краіны і патрыятызму, мабыць, сталі аднымі з ключавых у размове маладых людзей з кіраўніцтвам раёна. Лейтматывам усёй гутаркі стала перакананне ў тым, што толькі праз любоў да сваёй радзімы, праз добрыя ўчынкі на карысць сваёй дзяржавы можна пабудаваць моцную і незалежную краіну, якой і з’яўляецца Беларусь.

Спартыўныя спаборніцтвы першага дня змяніліся конкурснай праграмай. Нягледзячы на тое, што турысты пражываюць у палявых умовах, пры жаданні свой побыт яны могуць арганізаваць на “пяць зорачак”. У ходзе конкурсу “Побыт турыста” журы ацэньвала ўладкаванне і афармленне лагера на зададзенную тэму, яго санітарны стан, прытрымліванне правілаў аховы навакольнага асяроддзя, жартоўнае меню. Першае месца пасля доўгіх дэбатаў было аддадзена камандзе сырзавода, якая найбольш поўна раскрыла тэму 20-годдзя БРСМ, на другой прыступцы апынуліся камунальшчыкі, а трэцюю падзялілі зборная вясковых школ і медыкі.

Завяршыўся першы дзень турзлёту дыскатэкай, якую не змог спыніць нават дождж.

Спартыўныя спаборніцтвы другога дня ўключалі ў сябе падыманне гіры, дартс і перацягванне каната.

У гіравым спорце фізічную вынослівасць і сілу рук дэманстравалі сапраўдныя асілкі – па аднаму з кожнай каманды без уліку вагавай катэгорыі. 130-разовы пад’ём 24-кілаграмовай гіры – вось вынік абсалютнага чэмпіёна, славутага гіравіка раёна Андрэя Вашкеля з “Будаўніка”. На “сярэбранай” прыступцы аказаўся Валерый Вашкель з каманды сырзавода, які падняў гіру 100 разоў. Трэцяе месца атрымаў Уладзімір Ярашэвіч  з ЖКГ з вынікам 78 разоў.

Дартс можна аднесці да разраду азартных – эфект захапляльнасці з’яўляецца нават тады, калі вы падышлі проста паглядзець. У гэтай гульні важныя трапнасць, каардынацыя, сіла кідка, а таксама ўпэўненасць у сабе і цвёрдасць. Самымі трапнымі на гэты раз аказаліся Кацярына Сташкевіч, якая абараняла гонар раённай бальніцы, і Віктар Шымкус з ЖКГ. У агульным заліку лідарам стала каманда з раённай бальніцы, на другой прыступцы — ЖКГ, трэцяе месца занялі ўдзельнікі з сярэдняй школы № 1.

Перацягванне каната, напэўна, самы відовішчны і эмацыянальны від спорту. Тут, зрэшты, як і ў любым камандным спаборніцтве, патрэбны калектыўны дух. І лепш за ўсё яго прадэманстравалі асілкі з ЖКГ, сырзавод – на другім месцы, бронза — у настаўнікаў з СШ №1.

 

І вось надышоў самы хвалюючы момант мерапрыемства – падвядзенне вынікаў і аб’яўленне пераможцаў. Самымі хуткімі, спрытнымі і ўмелымі аказаліся прадстаўнікі ЖКГ, якія па праву заслужылі першае месца. Зборная Ашмянскай ЦРБ стала другой, на трэцім месцы — ААТ “Будаўнік”. Усе каманды і пераможцы былі ўзнагароджаны дыпломамі і атрымалі падарункі.

   

Прокачайся! Получи извещение на E-MAIL  

   

Форма входа  

   
   
   
   
   
   
   
   
© 2024 Ошмянское РУП ЖКХ. Все права защищены.
Joomla! - бесплатное программное обеспечение, распространяемое по лицензии GNU General Public License.
© Eugene Gavris © 2012