Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі стаў дыялогавай пляцоўкай для абмеркавання яшчэ адной трагічнай старонкі ў гісторыі Беларусі і цэлага шэрагу краін, якіх закранула Другая Сусветная вайна. Ва ўсім свеце ведаюць пра Дахау, Равенсбрюк, Асвенцым, Майданек, Бухенвальд. Гэтыя месцы на тэрыторыі Еўропы ў гады вайны былі ператвораныя ў прылады масавага фізічнага знішчэння людзей і лабараторыі для правядзення медыцынскіх і іншых эксперыментаў. Памятае гэтыя назвы і Беларусь, адзначаючы 11 красавіка Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў.
- Мы ніколі не дазволім пазбавіць нас гістарычнай памяці, - заявіла на мерапрыемстве начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Вольга Шыдлоўская, звяртаючыся да маладога пакалення. - Наш святы абавязак-памятаць, якой цаной заваявана Перамога, данесці праўду да нашай моладзі.
У працы дыялогавай пляцоўкі таксама прынялі ўдзел памочнік пракурора Ашмянскага раёна Валерыя Каваленя, захавальнік фондаў Ашмянскага краязнаўчага музея Таццяна Кіркоўская і першы сакратар райкама БРСМ Юлія Субач.
У памятную дату да дыялогу былі запрошаны старшакласнікі СШ № 2, навучэнцы аграрна-эканамічнага каледжа і члены Маладзёжнага парламента пры Ашмянскім раённым Савеце дэпутатаў.
Супрацоўнік музея Таццяна Кіркоўская адзначыла, што не меншай жорсткасцю адрозніваліся канцэнтрацыйныя лагеры, створаныя фашыстамі на тэрыторыі Беларусі, якіх налічвалася больш за 580. Гэтыя звесткі не з'яўляюцца канчатковымі – расследаванне крымінальнай справы па факце генацыду беларускага народа працягваецца.
Лагеры былі розных тыпаў – для ваеннапалонных і для мірнага насельніцтва, працоўныя, шталагі... найбольш буйныя з іх-Трасцянец і Азарычы. У лагерах было знішчана каля 3 мільёнаў мірных жыхароў.
Жахлівыя злачынствы былі здзейсненыя акупантамі ў гета, у якіх, рэалізуючы гітлераўскую праграму знішчэння габрэяў, вынішчаны дзясяткі тысяч мірных жыхароў. Падрабязна спынілася Таццяна Віктараўна на інфармацыі аб стратах насельніцтва Ашмянскага раёна ў гады вайны і фактах праявы палітыкі фашызму на Ашмяншчыне.
Асаблівае месца ў справе раскрыцця новых фактаў у пытаннях генацыду беларускага народа адводзіцца пракуратуры. Памочнік пракурора Ашмянскага раёна Валерыя Каваленя распавяла аб працы, якая праводзіцца ў гэтым кірунку на працягу больш за тры гады. Супрацоўнік пракуратуры пазнаёміла маладое пакаленне з новымі фактамі генацыду на нашай зямлі і, у прыватнасці, у Гродзенскай вобласці.
- Мэтай расследавання крымінальнай справы, узбуджанай Генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь, з'яўляецца не проста ўстанавіць маштаб трагедыі, але і паказаць сапраўдны твар нацызму і фашызму, — падкрэсліла Валерыя Ігараўна.
Успамінамі сваіх сваякоў пра жахі вайны падзяліўся з прысутнымі кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні аграрна-эканамічнага каледжа Пётр Багдановіч.
Падводзячы вынік мерапрыемства, Вольга Шыдлоўская адзначыла:
- За свабоду і незалежнасць Беларусі заплачаны велізарны кошт. Забыццё ўрокаў мінулага можа прывесці да паўтарэння гэтых страшных трагедый. Без мінулага няма будучыні, таму мы абавязаны абараніць праўду пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны і памятаць, якой цаной заваяваны мір у нашай краіне.